Ales Bialiatski – Nobel Prize lecture

English
English (pdf)
Norwegian
Norwegian (pdf)
Belarusian
Belarusian (pdf)
Ukrainian
Ukrainian (pdf)
Russian
Russian (pdf)

Copyright © Нобелеўскі фонд, Стакгольм, 2022 год.
Агульны дазвол на публікацыю ў газетах на любой мове.
Публікацыя ў перыядычных выданнях або кнігах, у лічбавай або электроннай форме, за выключэннем кароткага пераказу, магчымая толькі са згоды Фонду. Ва ўсіх публікацыях цалкам ці большай часткі
павінна змяшчацца пазначаная вышэй згадка пра аўтарскія правы.

Нобелеўская лекцыя Лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру 2022 года Алесь Бяляцкі прамоўленая Наталляй Пінчук, Осла, 10 снежня 2022 года.

Вашы Каралеўскія Міласці,

Вашы Каралеўскія Высокасці,

Шаноўныя сябры Нобелеўскага камітэту, шаноўнае спадарства.

З вялікім хваляваннем выпадае мне гонар выступіць тут на ўшанаванні лаўрэатаў прэміі Міру за 2022 год. Сярод іх і мой муж Алесь Бяляцкі.

На жаль, ён не можа прыняць узнагароду асабіста. Ён за кратамі ў  Беларусі. Таму я стаю за гэтай трыбунай.

Хачу выказаць  вялікую падзяку:

Нарвежскаму Нобелеўскаму камітэту, рашэнне якога ўмацавала Алеся ў гатоўнасці стаяць у сваёй праўдзе і дае надзею ўсім беларусам, што можна разлічваць на дэмакратычную салідарнасць у барацьбе за свае правы.

Дзякуй усім, хто падтрымліваў Алеся, яго сяброў і яго справу ўсе гэтыя гады і падтрымлівае цяпер.

Шчыра віншую Цэнтр грамадзянскіх свабод і Міжнароднае таварыства «Мемарыял» з заслужанай узнагародай. Алесь і ўсе мы ўсведамляем, наколькі важна і рызыкоўна выконваць місію праваабаронцаў, асабліва ў трагічны час агрэсіі Расіі супраць Украіны.

Не толькі Алесь у турме — тысячы беларусаў, дзясяткі тысяч рэпрэсаваных, зняволеных за сваю грамадзянскую пазіцыю знаходзяцца там. Сотні тысяч вымушаны ўцякаць з краіны толькі таму, што хацелі жыць у дэмакратычнай дзяржаве. У Беларусі, на жаль, ужо гадамі працягваецца вайна ўлады супраць уласнага народу, мовы, гісторыі, супраць дэмакратычных каштоўнасцяў. Пра гэта гавару тут з болем і перасцярогай, бо сённяшнія палітычныя і ваенныя падзеі  пагражаюць Беларусі стратаю дзяржаўнасці і незалежнасці.

На жаль, улада з грамадствам размаўляе толькі пры дапамозе сілы – гранатаў, дубінак, электрашокераў, бясконцых арыштаў і катаванняў. Пра нацыянальны кампраміс або дыялог няма размовы. Пераследуюць  дзяўчат і хлопцаў, жанчын і мужчын, непаўналетніх і людзей  сталага ўзросту. У беларускіх турмах уладарыць нечалавечае аблічча сістэмы, асабліва для тых, хто марыў быць  свабоднымі людзьмі!

У такой сітуацыі невыпадкова, што за дэмакратычныя перакананні і праваабарончую дзейнасць улады арыштавалі Алеся і яго паплечнікаў з Праваабарончага цэнтру „Вясна“: у вязніцах Марфа Рабкова, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк і іншыя праваабаронцы. Другія зараз яшчэ пад следствам і пракурорскімі абвінавачваннямі, трэція вымушаны былі эміграваць за мяжу. Але створанага  звыш дваццаці пяці гадоў таму Алесем і яго аднадумцамі Праваабарончага цэнтра «Вясна-96» — не разбіць, не спыніць, не стрымаць!

Алесь не мог перадаць на волю тэкст свайго выступу, ён паспеў сказаць мне літаральна пару сказаў. Таму падзялюся з вамі ягонымі думкамі — і гэтымі, і запісанымі раней. Гэта фрагменты яго ранейшых выказванняў, твораў, разваг. Тут яго думкі аб мінулым і будучыні Беларусі, аб правах чалавека, аб лёсах міру і свабоды.

То перадаю слова Алесю.

Так бывае, што людзі, якія найбольш цэняць свабоду, часта пазбаўлены яе. Я ўспамінаю сваіх сяброў — праваабаронцаў з Кубы, Азербайджану, Узбекістану, я ўспамінаю сваю духоўную сястру Насрын Сотудэ́ з Ірану. Я захапляюся кардыналам Язэпам Чэнем (Joseph Zen) з Ганконгу. Зараз у Беларусі тысячы людзей знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, і яны ўсе мае браты і сёстры. Нішто не можа спыніць прагу людзей да волі.

Тут зараз у турме ўся Беларусь. Сядзяць журналісты, палітолагі, прафсаюзныя лідары, сярод іх багата маіх знаёмых і сяброў … Суды працуюць як канвеер, асуджаных развозяць па калоніях, а новыя хвалі палітзняволеных займаюць іх месца ….

Гэтая прэмія належыць усім маім сябрам-праваабаронцам, усім грамадскім актывістам, дзясяткам тысяч беларусаў, якія прайшлі праз збіццё, катаванні, арышты, турму.

Гэтая прэмія — узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян, якія выступілі ў абарону сваіх грамадзянскіх правоў. Яна падкрэслівае тую драматычную сітуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне.

Нядаўна ў мяне адбыўся кароткі дыялог.

— Калі на волю? — спыталіся ў мяне.
— А я і так вольны, у душы, — адказаў я.

Мой вольны дух лунае па-над вязніцай і над кляновым лістом абрысаў Беларусі.

Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не змяніліся, не страцілі каштоўнасць, не патускнелі. Яны заўжды са мной, і я ахоўваю іх, як магу. Яны — як адлітыя з золата, і іх не бярэ іржа.

Мы хочам уладкаваць нашае грамадства як больш гарманічнае, справядлівае і спагаднае. Дабіцца незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Марым, каб яна была ўтульнай і прывабнай для жыцця.

Гэтая ідэя высакародная, сугучная агульным для свету цывілізацыйным уяўленням. Мы ж не марым пра штосьці надзвычайнае, мы хочам усяго толькі «людзьмі звацца», як сказаў наш класік Янка Купала. Тут — і павага да сябе саміх, і да іншых, тут і правы чалавека, дэмакратычны лад жыцця, беларуская мова і нашая гісторыя.

Я рана пачаў ставіцца крытычна да савецкай рэчаіснасці. Сярод іншага, сутыкнуўся з рэзкім абмежаваннем ужывання беларускае мовы, з палітыкай дэбеларусізацыі, якая праводзілася тады — дый праводзіцца і цяпер. Ранейшая каланіяльная залежнасць Беларусі засталася. А ў выніку — пагроза для існавання беларусаў як народу.

Драматычная памылка — аддзяляць правы чалавека ад каштоўнасцяў ідэнтычнасці і Незалежнасці. У незалежніцкім падпольным руху я з 1982 года, фактычна з 20-ці гадоў. Яго задача — дабіцца дэмакратычнай незалежнай Беларусі, у якой бы паважаліся правы чалавека. Не можа быць Беларусі без дэмакратыі і не можа быць правоў чалавека без незалежнай Беларусі. А грамадзянская супольнасць павінна валодаць такой ступенню незалежнасці, якая гарантуе бяспеку асобы ад злоўжыванняў улады дзяржавы.

Я веру, бо ведаю, што мінае ноч і надыходзіць ранак. Я ведаю, што нас няўтомна штурхае наперад, дык гэта надзея і мара.

Марцін Лютэр Кінг заплаціў за сваю мару жыццём, яго застрэлілі. Мая плата за маю мару меншая, але ўсё роўна за яе даводзіцца плаціць. Я не шкадую ні кроплі. Бо мая мара вартая гэтага. Мае ідэалы сугучныя з ідэаламі  маіх старэйшых сяброў і духоўных настаўнікаў чэха Вацлава Гавела і беларуса Васіля Быкава. Абодва яны прайшлі праз вялікія жыццёвыя выпрабаванні, абодва багата чаго зрабілі для сваіх народаў і культуры, абодва змагаліся за дэмакратыю і правы чалавека да апошніх хвілінаў свайго жыцця.

Немагчыма, каб на пустым полі адразу вырас добры ўраджай. Поле трэба добра ўгнойваць, камяні выбіраць … А тое, што пакінула ў Беларусі камуністычная ўлада за 70 гадоў, можна назваць выпаленай зямлёй …

Былі часы ў канцы 80-х гадоў, калі мы літаральна ведалі адзін аднаго ў твар … Але на пачатку 90-х з’явіліся тысячы і дзясяткі тысяч ...

9 жніўня 2020 году ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Масавыя фальсіфікацыі прывялі да таго, што людзі выйшлі на вуліцу. У двубоі сышліся Дабро і Зло. Зло – добра ўзброенае. А з боку Дабра – толькі нечуваныя для краіны мірныя масавыя пратэсты, якія збіралі сотні тысяч людзей.

Улады напоўніцу запусцілі рэпрэсіўны механізм катаванняў і забойстваў — Рамана Бандарэнкі, Вітольда Ашурка і многіх іншых.

Гэта найвышэйшы і нечуваны па сваёй жорсткасці ўзровень рэпрэсіяў. Людзі праходзяць праз неймаверныя катаванні і пакуты.

Камеры і турмы больш нагадваюць савецкія грамадскія прыбіральні, дзе людзей трымаюць месяцамі і гадамі. Я абсалютна супраць таго, каб жанчыны знаходзіліся ў турме, а ўявіце, як ім даводзіцца ў турме Беларусі — у гэтым філіяле пекла на зямлі!

Выказванні Лукашэнкі пацвярджаюць, што выканаўцам дадзены карт-бланш, каб праз страх спыніць людзей.

Але грамадзяне Беларусі патрабуюць справядлівасці. Яны патрабуюць, каб тыя, хто ўчыняў масавыя злачынствы, былі пакараныя. Патрабуюць свабодных выбараў. Ніколі ўжо Беларусь і беларускае грамадства не будуць ранейшымі, калі былі цалкам звязаныя па руках і нагах. Людзі прачнуліся…

Зараз перманентная барацьба дабра і зла разгарнулася ледзь не ў чыстым выглядзе ўва ўсім рэгіёне. Халодная сцюжа з Усходу сутыкнулася з цяплом еўрапейскага рэнесансу.

Мала быць адукаваным і дэмакратычным, мала быць гуманным і міласэрным. Трэба ўмець бараніць свой набытак і сваю Айчыну. Недарэмна ў сярэднявеччы паняцце Айчыны было тоесным паняццю свабоды.

Я дакладна ведаю, якая Украіна задавальняла б Расею і Пуціна — несамастойная дыктатура. Такая, як сённяшняя Беларусь, дзе не чуваць голасу прыдушанага народу.

Расейскія вайсковыя базы, велічэзная эканамічная залежнасць, культурная і моўная русіфікацыя — вось адказ, на чыім баку Лукашэнка. Улады Беларусі незалежныя толькі ў той ступені, у якой ім дазваляе Пуцін. І таму трэба змагацца супраць «інтэрнацыяналу дыктатураў».

Я праваабаронца і таму прыхільнік негвалтоўнага супраціву. Я — не агрэсіўны па натуры чалавек, імкнуся гэтак заўсёды паводзіць сябе. Аднак я таксама добра разумею, што дабро і праўда павінны ўмець абараняць сябе.

Як магу, трымаю мір у маёй душы, гадую яго, як далікатную кветку, адганяю злосць. І малюся, каб рэчаіснасць не прымусіла мяне адкапаць даўно закапаную сякеру і бараніць праўду з сякерай у руках. Мір. Няхай мір застанецца ў маёй душы.

А 10 снежня мне хочацца паўтарыць для ўсіх: „Не бойцеся!” Гэта тое, што сказаў у 80-я папа Ян Павел II, калі прыехаў у камуністычную Польшчу. Больш ён нічога тады не сказаў, але хапіла. Я веру, бо ведаю, што пасля зімы наступае вясна.

Я цытавала Алеся Бяляцкага. І завяршу выступ воклічамі ягонай душы:

Свабоду беларускаму народу!  Свабоду Вясне!  ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Copyright © The Nobel Foundation 2022

 

 

To cite this section
MLA style: Ales Bialiatski – Nobel Prize lecture. NobelPrize.org. Nobel Prize Outreach AB 2024. Wed. 11 Dec 2024. <https://www.nobelprize.org/prizes/peace/2022/bialiatski/202271-nobel-lecture-belarusian/>

Back to top Back To Top Takes users back to the top of the page

Nobel Prizes and laureates

Six prizes were awarded for achievements that have conferred the greatest benefit to humankind. The 12 laureates' work and discoveries range from proteins' structures and machine learning to fighting for a world free of nuclear weapons.

See them all presented here.

Illustration

Explore prizes and laureates

Look for popular awards and laureates in different fields, and discover the history of the Nobel Prize.